У Віцебску вызначылі лепшыя альтэрнатыўныя гурты

Увечары 5 ліпеня ў клубе “Зебра” адгрымеў фінальны “No Logo Fest”. Кампетэнтнае журы адзначыла лепшы віцебскі гурт сезону 2008-2009 гадоў.

Першае месца і па выніку галасавання гледачоў, і па адзінадушнаму прызнанню суворых суддзяў атрымала каманда “Jenowa”. Перамога па шматлікіх прызнаннях была досыць заслужаная: абцасікі рудзенькай вакалісткі ўжо нямала часу пагрукваюць па мясцовай сцэне, гурт выдае добра адрэпетаваны і цвярозы саунд, працуе над уласным выглядам і досыць актыўна выступае ў тым ліку і па-за межамі мерапрыемстваў прадусарскага цэнтру NoLogoPromo. Да таго ж сёлета, “джэноўцы” ўжо паспелі дабрацца да фіналу прэстыжнага фестывалю Belarus Bandscan, прадставіўшы там разам з “Minas Morgul” наш горад у Менску на заключным канцэрце.

На фінале No Logo Fest’у “самы цёмны бок” віцебскай альтэрнатыўшчыны заняў трэцяе месца, ад чаго нямала раззлаваўся, але на шчасце вядоўцаў і журы фронтмен Minas Morgul не стаў клікаць на дапамогу Саурона, і ўсё абышлося раскіданымі ў натоўпе фанатаў сумкамі генеральнага партнёра мерапрыемства – кампаніі “Будзьма!”. Фанаты гэтаму толькі ўзрадаваліся, атрымаўшы нечаканыя падарункі.

Другое месца сталася сапраўдным сюрпрызам і ня меншым авансам – на яго ўрачыста пасадзілі ўдзельнікаў гурта “Shit Happens”. Хаця вялізарнай радасці з тае нагоды мальцы не выпраменьвалі, абышлося без “будзьмазакідальніцтва” – пад канец мерапрыемства стома вымалёўвалася на тварах ня толькі арганізатараў.

Перад абвяшчэннем тройкі прызёраў брантазаўр віцебскага рок-падполля, партнёр фестываля і па сумяшчальніцтву сябра журы Макс Жукаў паспеў ужо агучыць чацвёртае і пятае месцы – іх занялі гурты “South Band” і “Сага” адпаведна. Па ўсіх законах жанру не абышлося на спаборніцтвах і без дыскваліфікаваных. Удзельнікі гурта “H.E.I.F.” без дай прычыны не з’явіліся на канцэрт.

На закуску тусоўка атрымала выступ гурта “B:N:”, якому, каб адыграць на Фэсце, давялося праехаць праз усю Беларусь, прычым па дыяганалі. Танцпол даволі ветліва сустрэў гасцей з Бярозы, нягледзячы на тое, што гэта быў іх першы паўнавартасны візіт на падзвінскую сцэну.

Пад прыцемак народ стомлена пацягнуўся на выхад, дзейства скончылася. Новы сезон прынясе нам новыя імёны.

 



07.07.2009 |  Хведар Скрайновіч www.vitebsk.cc
Рубрики: 2009

Написать отзыв

*

*